Еўрапейскі і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, 10 кастрычніка 2025 г.
Сумесная заява Вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага Звяза і Генеральнага сакратара Рады Еўропы
Еўрапейскі Звяз (ЕЗ) і Рада Еўропы рашуча пацвярджаюць сваё безумоўнае непрыманне смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах.
Больш за дзве траціны ўсіх дзяржаў адмовіліся ад смяротнага пакарання альбо ў заканадаўстве, альбо на практыцы. У 2024 годзе мы прывіталі рашэнне Зімбабвэ аб адмене смяротнага пакарання, а таксама ратыфікацыю Замбіяй і Кот-д’Івуарам Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У тым жа годзе рэкордная колькасць — 130 дзяржаваў — прагаласавала за рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН аб мараторыі на прымяненне смяротнага пакарання.
Нягледзячы на ўмацаванне глабальнай тэндэнцыі да адмены смяротнага пакарання, у некаторых краінах яно ўсё яшчэ практыкуецца. У 2024 годзе найбольшую колькасць выкананых прысудаў зарэгістравалі ў Кітаі, Іране, Саудаўскай Аравіі, Іраку і Емене. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне. Таксама выкананне смяротных прысудаў працягвалася ў Злучаных Штатах.
Мы заклікаем тыя нешматлікія дзяржавы, што яшчэ выносяць і выконваюць смяротныя прысуды, увесці мараторый як першы крок на шляху да поўнай адмяны.
Прыхільнікі смяротнага пакарання часта абгрунтоўваюць сваю пазіцыю яго стрымліваючым эфектам на злачыннасць. Аднак даследаванні паслядоўна сведчаць, што ў краінах, дзе існуе смяротнае пакаранне, узровень злачыннасці не ніжэйшы, , чым у краінах без яго. Смяротнае пакаранне таксама робіць памылкі суда незваротнымі, і выключае магчымасць рэабілітацыі і сацыяльнай рэінтэграцыі асобы.
Рада Еўропы і Еўрапейскі Звяз будуць працягваць супрацьстаяць наратывам, якія прасоўваюць вяртанне смяротнага пакарання, у тым ліку ў Еўропе, і спрыяць адкрытым і дэмакратычным дыскусіям, якія накіраваны на яго поўную адмену ва усіх частках свету. У гэтым кантэксце мы вітаем арганізацыю рэгіянальнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Японіі ў лістападзе 2025 года і Сусветнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Францыі ў 2026 годзе. Гэтыя мерапрыемствы дэманструюць важную ролю грамадзянскай супольнасці ў адстойванні ідэі свету, свабоднага ад смяротнага пакарання.
Смяротнае пакаранне, уключаючы ўвесь працэс, што вядзе да яго выканання, уяўляе сабой бесчалавечнае або прыніжальнае абыходжанне альбо пакаранне, а таксама найвышэйшую форму адмаўлення чалавечай годнасці. ЕЗ і Рада Еўропы заклікаюць да яго поўнай адмены.